0Темы с заголовком содержащим такие слова не найдены! Выведены коментарии! Вы можете попробовать сами найти информацию через поиск например изменив окончание или введя синоним. Или откройте свою тему, задайте вопрос!
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК, Народная газета / Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК
Заўтра праваслаўныя адзначаць адно з вялікіх святаў — Стрэчанне Гасподняе. У народзе яго яшчэ называюць Грамніцы, а сімвалам гэтага свята і ў хрысціянскай, і ў народнай культуры выступае свечка, асвечаная ў храме ў гэты дзень.
Звычайна свечкі-”грамніцы” людзі рыхтавалі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго пчол не было — куплялі жоўты воск у краме або ў знаёмых пчаляроў. Беларускі этнограф М. Я. Нікіфароўскі адзначаў, што грамнічныя свечкі былі “такога памеру, які дазваляў бы схаваць яе на грудзях пад верхняй вопраткай або ў рукаве і такім чынам утаіць ад чужых прысутнасць свечкі”. Ён жа адзначаў, што свечка, памеры якой карацей за пяць вяршкоў (22 см) і таўшчынёй менш за мезены палец, не лічылася “грамніцай” і не магла надзейна засцерагчы яе ўладальнікаў. Найбольш тыповыя памеры былі наступныя: даўжыня прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — тры чвэрці вяршка (каля 3,5 см). Такія памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам.
Далей этнограф заўважае: “Яны захоўваліся ў розных месцах: у сенцах, у клеці, у свірне як простыя прадметы штодзённага ўжытку. У гэтым выпадку дазвалялася выкарыстоўваць падрыхтаваную свечку пры гасцявых, напрыклад, патрэбах, пры вячэрніх работах, але такая свечка ўжо не выкарыстоўвалася потым на грамнічныя патрэбы, а спальвалася пры будзённым ужыванні або, пераплаўленая, ішла на падрыхтаванне новай свечкі, дарылася беднаму, адносілася ў царкву, у капліцу”.
Сёння хіба толькі пчаляры здольны зрабіць сапраўдную свечку-”грамніцу” адпаведных памераў. Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах, аднак у сувязі з тым, што яны значна меншых памераў, іх раяць браць тры і перавязваць “васьмёркай” пасмачкай вычасанага лёну.
* Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросту. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям’і і судакраналіся з полымем, тым самым як бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту.
* Пасля “вогненнага асвячэння” ўсіх дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абходзіў усе куты хаты, зноў жа крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога “выпальвання” заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах.
* Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні.
* Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах існавала наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі-разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю скаціну ад сурокаў.
* Дбайныя гаспадыні стараліся ў такое вялікае свята выканаць асобныя дзеянні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў:
* Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачныя. Прыказка сведчыла: “Кармі курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом”.
* Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў.
* Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу. Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым сем разоў паесці ў гэты дзень.
* Старыя людзі раілі: “Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь, нават у блізкія дамы сваякоў, родным, што жывуць у іншай сям’і”.
* На Грамніцы ў храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго пры выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: “Божухна захавай цябе”.
Грамнічную свечку выкарыстоўвалі на працягу ўсяго года.
* Яе палілі падчас разгавення ў калядны вечар.
* На Юр’я (6 мая), першы раз выганяючы карову на пашу, каб максімальна перасцерагчы галоўную карміцельку сям’і ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукі грамнічную свечку, вербную галінку і чырвонае яйка і тройчы па Сонцы абходзіла вакол каровы. Адвячоркам сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў.
* Найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы. Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі. Свечка-”грамніца”, як дачка бога-грамаўніка, павінна была адвесці гнеў бацькі і заступіцца за чалавека ўжо хаця б таму, што ў гэтай хаце прысутнічала яго сімвалічная частка.
Улетку пры набліжэнні навальніцы гаспадыня запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік.
* На Купалле, каб не прапала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамі серп і крапіву-жыгучку, а да вушака мацавала свечку-”грамніцу” кнотам уніз. Грамнічная свечка суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе запальвалі тады, калі насыпалі насенне ў мяхі перад сяўбой і перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засек. Без грамнічнай свечкі не распачыналі зажынкі. Усё гэта рабілася для таго, каб захаваць палетак ад граду.
* Свечку-абярэг шырока выкарыстоўвалі і падчас выканання сямейна-родавых абрадаў.
* Адпраўляючы разам з хроснымі бацькамі дзіця да храма, родныя бацькі давалі ім асноўны хатні абярэг. Захавайце тую свечку-”грамніцу”, з якой вы хрысцілі дзіця, і запаліце яе тады, калі будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэту эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкі! Дарэчы, мы ў дадзеным выпадку не прапаноўваем нічога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабілі нашы мудрыя продкі.
* Запальвалі “грамніцу” і ў той момант, калі збіраліся адымаць дзіця ад грудзей.
* Свечку-”грамніцу” давалі ў рукі цяжка паміраючаму чалавеку, а потым ставілі яе каля галавы памерлага. Яна павінна была дапамагаць душы нябожчыка пакінуць хату так, каб не “пакрыўдзілася” ды не “выгледзела” сабе яшчэ каго-небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калі ў іншых выпадках свечкай-”грамніцай” карысталіся на працягу года ў самых розных сітуацыях, то ў выпадку смерці чалавека яна павінна была згарэць уся ў гэты ж дзень.
* “Грамніцу” бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калі вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калі вяселле пераязджала ў дом жаніха. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам-соллю, якімі бацькі сустракалі пару пасля вянчання.
* Някепска будзе запаліць асвечаную “грамніцу” і ў дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у загс, а парадзіху ў раддом, калі нованароджанага прывозяць дадому і панясуць у царкву хрысціць і г.д.
* Калі ж на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая яе частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды або непасрэдна перад Грамніцамі.
Сардэчна вітаю Вас і прапаную актывізаваць нашую ўзаемную працу па развіцці пчалярскай дзейнасці ў нашай краіне. У межах яе пашырэння і распаўсюджвання прапаную Вам некалькі заданняў на бліжэйшую перспектыву (да 23.12.2014 г.):
1. Членам Каардынацыйнага Савету (абласным куратарам) падлічыць і даць справаздачу па колькасці пчаляроў і пасек ў сваіх рэгіёнах.
2. Кожнаму пчаляру правесці ў мясцовай школе і/або лячэбнай установе акцыю “Пчолка на Божае нараджэнне” і даць кароценькі фотарэпартаж праведзенай працы. Мэта акцыі: даць інфармацыю (правесці лекторый) аб дзейнасці пчаляроў на Беларусі, карысці спажывання пчалапрадуктаў. А таксама магчымасць дэгустацыі сапраўднага чыстага мёду.
3. Даслаць на электронны адрас belapiunion@tut.by, альбо па адрасу а/я 40, Мiнск, 220050, цікавыя ідэі па развіцці пчалярства на Беларусі. Аўтары трох самых практычных і неардынарных ідэй будуць узнагароджаны каштоўнымі прызамі.
З павагай і пажаданнем плённай працы і здаровага даўгалецця,
Капелан пчаляроў на Беларусі, Старшыня Каардынацыйнага Савета